"Выбранае" Льва Акіншэвіча (1898–1980) — першае кніжнае выданне спадчыны гэтага беларуска-ўкраінскага гісторыка. У зборнік увайшлі навуковыя артыкулы, прысвечаныя цывілізацыйнай тэорыі, гісторыі беларускага казацтва і права, рэцэнзіі, успаміны, ліставанне, артыкулы пра дзеяча і яго працы, а таксама найпаўнейшая на сёння бібліяграфія даследчыка. Усё гэта складае беларускую частку навуковага, творчага і дакументальнага даробку Льва Акіншэвіча і вяртае яго імя з эміграцыі.
Старая гістарычная навука, што панавала ў старой школе, вельмі шкодна адбілася на ведах пра нацыянальную гісторыю Беларусі ды Ўкраіны. Захопленая ідэяй пра монізм гісторыі ўсіх усходнеславянскіх нацыянальнасьцяў, яна фактычна вучыла й выкладала, амаль не выключна, гісторыю расейскай нацыі. Гэткім спосабам забывалася пра вельмі важныя й цікавыя моманты з гісторыі іншых усходнеславянскіх народаў — яны не былі цікавыя для расейскай гісторыі. Але цяпер ясна, што гэта была памылка, гэтаму монізму цяпер, відавочна, не павінна быць месца. Нам трэба ствараць асобную гісторыю гэтых іншых народаў (у тым ліку і беларускую), трэба ажывіць у памяці патомкаў гістарычны шлях, які прайшла іхняя айчына, і яго найважнейшыя і найцікавейшыя этапы, пэрыяды, моманты.
Леў Акіншэвіч, 1927
Вялікі рух беларускага нацыянальнага адраджэньня другой паловы XІX і першай паловы XX стагодзьдзяў меў перад сабой ня толькі заданьне адрадзіць ці пабудаваць нацыянальную народна-беларускую культуру. Перад ім павінны былі паўстаць і іншыя заданьні, а сярод іх адно з найважнейшых — вызначэньне "цывілізацыйнай базы" для гэтае пабудовы.
Леў Акіншэвіч, 1953